Нядаўна мяне папыталі: “Калі б у жыцця быў колер, якім бы ён быў”. Не задумваючыся, адказала: "Блакітны!" Менавіта гэты колер і яго розныя адценні суправаджаюць мяне на працягу майго пакуль яшчэ не доўгага, але досыць насычанага жыцця.
Блакітны - адзін з самых духоўных колераў, бо ён - колер цішыні, сталасці, супакою, адпачынку. Калі я бачу блакіт неба або ракі, я проста ціха сяджу, любуюся ім і адчуваю, што бесперапынна звязаная са ўсім гэтым, што знаходжуся ў душэўнай раўнавазе і гармоніі.
Упершыню ўбачыць сапраўдны блакітны колер мне давялося яшчэ ў радзільні. Гэта былі шчаслівыя вочы маёй маці. Такія ласкавыя і такія родныя. Праз пяць дзён, калі мяне забралі дахаты, я убачыла ярка-блакітнае неба, якое так ласкава асляпіла мне вочкі.
Калі мне споўнілася 3 гады, я пайшла ў дзіцячы сад. Да гэтай немалаважнай падзеі мне купілі блакітную пышную сукенку. Я вельмі яе палюбіла, бо сукенка так добра спалучалася са светла-сінімі шпалерамі з бегемоцікамі ў маёй новай групе. А гадоў у 5 мне падарылі акварыум. Так блакітны колер суправаджаў мяне на працягу ўсяго дзяцінства.
Але ўсё калі-небудзь заканчваецца. Я пасталела, з'явіліся новыя інтарэсы, захапленні, змяніліся погляды на жыццё. Але, нягледзячы на гэта, блакітны колер не пакінуў мяне. Ён не застаўся ў дзяцінстве, а перайшоў са мной у новы этап жыцця.
Зараз я кожны дзень
бачу яго ў школе. Як толькі я захаджу ў клас, мяне сустракаюць добрыя вочы класнага кіраўніка. Думаю, здагадацца, якога яны колеру няцяжка. А бывае, засумую на нялюбай мною біялогіі, і разам са мной сумуюць цёмна-блакінтыя балконы, што віднеюцца праз вокны кабінета.
Школьныя гады цудоўныя!
Мабыць, гэта самыя лепшыя гады ў жыцці кожнага чалавека. У маім выпадку, гэта час блакітных мар, першага кахання, першых самастойна прынятых рашэнняў. Час, калі блакітныя пралескі – гэта не проста знак вясны, а знак яркіх пачуццяў і эмоцый. Час, калі васількі - гэта не проста знак лета, а знак
патрыятызму, любові да Беларусі – краіны блакітных рэк і азёр!
Але ўсё ж найважнейшым і самым хвалюючым адценнем блакітнага колеру ў маім жыцці зараз з'яўляецца аквамарын. Гэта колер маіх
каханых вачэй. Вачэй, што дораць мне шчасце і выклікаюць шчырыя эмоцыі. Колер Яго
вачэй…
